На інфармацыйным стэндзе змешчана карта аграгарадка Глыбачка, на якой нумарамі ад 1 да 12 адзначаны прыродныя, гістарычныя, культурныя аб’екты спадчыны дадзенага населенага пункта, а таксама інфармацыйны матэрыял. Акрамя таго змешчана кароткая гістарычная даведка пра Глыбачку.
- Бярозавы гай
Пры ўездзе ў агр. Глыбачка расце прыгожы бярозавы гай. Цікавая гісторыя яго ўзнікнення. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў мясцовай бальніцы працаваў урачом ваенны хірург Свірскі Яўген Іванавіч. Па словах мясцовых старажылаў, гэта быў “урач ад Бога”. Яму прыходзілася быць тэрапеўтам, дзіцячым урачом, хірургам і нават гінеколагам, так як пры бальніцы было радзільнае аддзяленне.
І вось, як толькі ў бальніцы нараджалася дзіця, Яўген Іванавіч у яго гонар садзіў бярозку. Бярозавы гай – гэта колькасць народжаных у Глыбачцы дзяцей, якім дапамог убачыць гэты свет Свірскі Яўген Іванавіч.
Бярозавы гай – любімае месца адпачынку жыхароў аграгарадка. Ён радуе сваёй прыгажосцю ў розныя поры года, з’яўляючыся прыроднай спадчынай вёскі і захоўваючы памяць пра выдатнага чалавека.
- Магіла Ф. Тапчэўскага
Побач з бяровым гаем знаходзяцца вясковыя могілкі. Там знаходзіцца магіла беларускага паэта-дэмакрата Фелікса Феліксавіча Тапчэўскага. На помніку можна прачытаць такі тэкст:
С.П.
Фелікс Тапчэўскі
Памёр 17 снежня 1892 г.
Маючы 54 гады…
Нарадзіўся ён прыкладна ў 1838 г. у фальварку Лёсава в. Рукшаніцы, што цяпер злілася з Глыбачкай, у дробнай шляхецкай сям’і. Закончыў Лепельскае дваранскае вучылішча. Працаваў у канцылярыі Віцебскага земскага суда . У 1864 г. арыштаваны за сувязь з паўстанцамі 1863-64 гг. Жыў у маёнтку Вухвішча (Полацкі раён), дзе працаваў эканомам. У сваім родным фальварку ў Лёсаве паэт адкрыў школу для бедных сялянскіх дзяцей. Праўда, у ёй вучыліся толькі восем чалавек.
Наколькі хапала сродкаў, Ф.Тапчэўскі дапамагаў збяднелым сялянам. Сведкі таго часу расказвалі, што аднаму селяніну, у якога была вялікая сям’я, ён купіў карову аж за сем рублёў. Таленавіты паэт-дэмакрат праславіўся дасціпнымі гумарыстычнымі творамі, якія шырока разыходзіліся ў рукапісах. Большасць сваіх твораў паэт падпісваў псеўданімам “Хвэлька з Рукшаніц”.
У 2018 годзе ля магілы паэта-дэмакрата была ўсталявана памятная дошка.
- “Блакітныя вочы”
Возера Рукшанскае знаходзіцца ў басейне ракі Тураўлянка. Плошча возера складае 0,44 км². Найбольшая глыбіня - 15,2 м, даўжыня - 1,1 км, шырыня - 0,68 км. Схілы катлавіны возера маюць вышыню ад 3-4 м на поўдні, да 10 м на паўднёвым усходзе. Берагі вадаёма пераважна нізкія. Мелкаводдзе возера пяшчанае, дно выслана ілам і сапрапелем. Возера зарастае расліннасцю да глыбіні 3 м. У паўночнай частцы ў возера ўпадае ручай, які злучае возера Рукшанскае з возерам Глыбачка Паўднёвае.
Возера Глыбачка Паўднёвае адносіцца да басейна ракі Тураўлянка. Мясцовасць раўнінная, месцамі градыстая і ўзгорыстая, большай часткай густа зарослая лесам, багністая. Возера на ўсходзе і поўдні абрамлена вузкай забалочанай поймай. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, большай часткай забалочаныя. Зарастае умерана. Плошча люстэрка складае 0,07 км, даўжыня - 0,35 км, шырыня - 0,25 км.
Возера Глыбачка Паўночнае адносіцца да басейна ракі Тураўлянка. Мясцовасць раўнінная, месцамі градзістая і ўзгорыстая, большая частка густа зарослая лесам, багністая. Возера акружана шырокай забалочанай поймай, пераходзячай у багністы луг, парослы высокай травой і рэдкім хмызняком. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, месцамі рэдкалессе, большай часткай забалочаныя. Зарастае ўмерана. Плошча люстэрка складае 0,07 км, даўжыня - 0,37 км, шырыня - 0,2 км.
- Брацкая магіла
Амаль што ў цэнтры аграгарадка можна пабачыць помнік воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы гэтыя мясціны. На брацкай магіле ў 1966 годзе ўстаноўлена скульптура воіна. Матэрыял – бетон. Вышыня – 2,5 метра. З абодвух бакоў стаяць сілумінавыя дошкі з тэкстам. Тут пахавана 1400 савецкіх воінаў і партызан, сярод іх - Герой Савецкага Саюза Барыс Іванавіч Юркін.
Барыс Іванавіч Юркін родам з г. Чкалава. З сакавіка па чэрвень 1944 года ваяваў на Калінінскім фронце, а з 22 чэрвеня - на I Прыбалтыйскім. Сяржант, камандзір аддзялення 7 стралковай роты, 975 стралковага палка, 270 стралковай дывізіі.
25 чэрвеня 1944 года батальёну было загадана фарсіраваць Заходнюю Дзвіну ў раёне населенага пункта Ула. У гэтым баі ён быў цяжка паранены асколкам міны ў галаву. У непрытомным стане хлопца прывезлі ў палявы шпіталь у вёску Асінаўкі. Тут праз суткі ён памер на руках гаспадыні дома, у якім размяшчаўся палявы шпіталь.
У 1966 годзе пастановай Савета Міністраў БССР Глыбачанскай сярэдняй школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Б. І. Юркіна.
- Парафіяльны касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі
Першыя згадкі пра рукшэніцкі касцёл паходзяць з ХVII ст., калі ён паўстаў з фундацыі рэктара Полацкага езуіцкага калегіуму (1683-88) Міхала Буйноўскага. З вопісу Віленскай дыяцэзіі 1744 году вынікае, што рукшэніцкія каталікі належалі да Полацкай парафіі Полацкага дэканату. У рэестры харугвы Полацкай парафіі ад 30 верасня 1765 году згадваецца даволі значная частка шляхты з Рукшэніцаў, што сведчыць пра значную колькасць дробных шляхецкіх уладанняў.
У сярэдзіне ХІХ ст. з 578 рукшэніцкіх каталікоў 28 на зварот да ўладаў праваслаўных духоўных былі прымусова далучаныя да праваслаўнай царквы. Мясцовае насельніцтва спрыяльна паставілася да паўстання 1863 году. Парафіяльны касцёл у Рукшэніцах працягваў функцыянаваць і пасля паўстання. У 1904 годзе служыў тут кс. Францішак Піняровіч (спачыў у Варшаве 8 чэрвеня 1917 г.), а ў 1928 годзе - пэўна апошні святар Вітальд Пашкевіч.
- «Панскі бераг»
Узвышша, якое называецца не інакш як “Панскі бераг”, атачаюць старажылы-хвоі. Унізе паўночная ўскраіна возера Рукшанскае. Вакол - маляўнічыя палянкі. Некаторыя з кветак, акрамя як на панскім беразе, не сустрэнеш ва ўсёй Глыбачцы.
У пачатку ХХ стагоддзя жыў нейкі Франц. Ніхто не памятае, хто ён быў з паходжання, але сядзіба яго вельмі адрознівалася ад іншых сядзібаў. У той час у паноў, якія жылі па суседстве з Глыбачкай, абавязковым атрыбутам быў сад з пладовымі дрэвамі і ліпавая алея, якая вяла да хаты. У Франца таксама была алея, толькі дубовая. Таксама былі адзінкавыя асобнікі пладовых дрэў лепшай еўрапейскай селекцыі таго часу. Самым сапраўдным захапленнем Франца была суніца. Пад гэтай ягадай ў яго былі занятыя вялікія плошчы. А яшчэ ён захапляўся лекавымі раслінамі, пагэтаму на панскім беразе такая разнастайнасць дзіўных траў і кветак. І зараз на схілах Панскага берага вельмі шмат суніцы, якая адрозніваецца ад лясной асаблівым густам і водарам. Нажаль, дубовай алеі не захавалася, бо яе мясцовыя жыхары высеклі яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.
- Абеліск
Абеліск-стэла ў гонар вучняў і настаўнікаў Глыбачанскай школы, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца на школьнай тэрыторыі.
У гады вайны настаўнікі і вучні Глыбачанскай школы пайшлі на фронт. Цяжкім быў іх шлях па дарогах вайны. Гоманаў Цярэнцій Андрэевіч загінуў у першыя дні вайны ў горадзе Брэсце. Башун Іосіф Уладзіміравіч ваяваў на Ленінградскім фронце, загінуў у 1942 годзе. Маршалаў Васілій – партызанскі разведчык. Быў спалены немцамі ў 1943 годзе каля вескі Бабча. Талочка Генадзій загінуў у Усходняй Прусіі.Загадам дырэктара школы Краўчанкі А.П. №13 ад 12 кастрычніка 1965 года ў спіс вучняў школы навечна занесены больш за 60 прозвішчаў.
Штогод на лінейках і розных мерапрыемствах патрыятычнага накірунку мы зноў і зноў вяртаемся да іх імёнаў.
- Звераферма
КУСГП “Глыбачаны” мае багатую і цікавую гісторыю.
Вёскі Глыбачка, Шкірлова і Рукшаніцы ў 1930 годзе аб’ядналіся ў калгас “Новы шлях”. Мелася кузня, сталярная майстэрня, ваўначоска.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны сельская гаспадарка перажывала крызіс. Пачаліся пошукі новых метадаў арганізацыі працы, рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. З 1952 года пачалося ўзбуйненне калгасаў. У выніку гэтага з 12 дробных калгасаў у сучасных межах саўгаса засталося ўсяго 5. Улічваючы, што ўзбуйненне жадаемых вынікаў не прынесла, з 1957 года пачынаецца масавае ператварэнне найбольш слабых калектыўных гаспадарак у дзяржаўныя, гэта значыць калгасаў у саўгасы.
7 красавіка 1957 года з 5 адстаючых калгасаў утвараецца саўгас “Глыбачаны”. Першым дырэктарам саўгаса стаў Васіль Іванавіч Сырамятнікаў. Гэта быў вельмі энергічны і вопытны кіраўнік. У той непросты час ён здолеў аб’яднаць у адзіную гаспадарку былыя калгасы. Па яго ініцыятыве былі вынайдзены лепшыя накірункі саўгаснай вытворчасці. У земляробстве ён рабіў стаўку на павелічэнне вытворчасці і ўнясенне ў глебу арганічных угнаенняў (мініральных у тыя часы амаль не было), арганізаваў здабычу торфу экскаватарам.
У жывёлагадоўлі для рэзкага павелічэння вытворчасці мяса была пабудавана вуткаферма. Значны грашовы даход давала гаспадарцы пабудаваная ў 1958 годзе звераферма.
- Дом У.Ф. Талочкі
У доме У.Ф. Талочкі 18.06.1942 г. адбылося арганізацыйнае пасяджэнне Ушацкага падпольнага райкама КП(б)Б. На ім прысутнічалі І.Ф.Каранеўскі, У.Я.Васілеўскі, М.А.Цябут, У.В.Мельнікаў, С.Б.Боркар. 06.07.1942 г. райкам быў зацверджаны Віцебскім падпольным абкамам КП(б)Б і дзейнічаў да 29.06.1944 г. Выдаваў падпольную газету “Прымежны калгаснік”. У памяць аб першым пасяджэнні на доме У.Ф.Талочкі ў 1976 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
- Памятны знак
7 мая 1942 года быў створаны першы партызанскі атрад на Ушаччыне. Камандзірам атрада быў выбраны Цімафей Плахатнюк, камісарам - Уладзімір Якаўлевіч Васілеўскі. Атрад назвалі “Смерць фашызму”.
З першага дня існавання атрада партызаны паставілі перад сабой задачу - ліквідаваць у сельскай мясцовасці нямецка-фашысцкую, ненавісную нашаму народу ўладу. Спачатку нямецкую ўладу ліквідавалі ў в. Глыбачка. Вестка пра з’яўленне партызан на тэрыторыі Глыбачанскага сельсавета хутка абляцела ўвесь раён. Атрад “Смерць фашызму” за месяц сваёй дзейнасці вырас да 160 чалавек і ў момант стварэння партызанскай брыгады 7 чэрвеня 1942 года быў рэарганізаваны ў 2 партызанскія атрады 3-яй Беларускай партызанскай брыгады.
На месцы, дзе размяшчаўся штаб атрада “Смерць фашызму”, у 1974 годзе ўстанавілі памятны знак.
- Мінідэндрапарк
Плошча Глыбачанскага лясніцтва займае 12 350 гектараў. Асноўным накірункам дзейнасці лесаводаў з’яўляецца нарыхтоўка драўніны. Ёсць і яшчэ мноства іншых немалаважных спраў. Адна з іх - догляд дэндрарыя. Дэндрарый (мінідэндрапарк) быў пасажаны на тэрыторыі аграгарадка Глыбачка работнікамі лясніцтва ў канцы красавіка 2010 года. Яго плошча складае 0,3 гектара.
Тут можна ўбачыць лістоўніцу, сасну Веймутава, бярозу карэльскую, елку еўрапейскую, клён востралісты, сасну і елку звычайную, ясень, дуб, вольху шэрую і чорную, рабіну, іву казіную, трохтычынкавую, пяцітычынкавую, войстраліставую, каліну, таполю бальзамічную, ліпу дробналіставую, арэшнік, тую заходнюю, ружу сабаччую, абляпіху, ядловец. Дрэвы і кусты пасаджаны на беразе возера Глыбачка Паўночнае. Наведваючы дэндрарый, людзі папаўняюць свае веды пра раслінны свет роднага краю, любуюцца прыгажосцю роднай прыроды.
- “Памяць стагоддзяў”
У канцы вёскі знаходзяцца яшчэ адны старадаўнія могілкі. Погляд прыцягваюць крыжы, высечаныя з каменя.
Каменныя крыжы - старажытныя сімвалы веры і прадметы культу хрысціянскай рэлігіі. У былыя часы лічылася, што крыжы цудатворныя, вылечваюць хворых. Асабліва шмат хворых збіралася да іх на Узвіжанне.
Многія з каменных крыжоў ставіліся ў якасці помнікаў людзям.
Што тычыцца гэтых крыжоў, то існуе некалькі версій: альбо гэта помнікі нейкім знакамітым у былыя часы людзям, так як яны адзіныя на гэтых могілках, альбо тут калісьці было паганскае капішча. Дадзеная тэматыка патрабуе больш дэталёвага і паглыбленага вывучэння з мэтай выяўлення гістарычных фактаў іх паходжання.
раскрыть » / « свернуть